Гісторыя
У 2016 годзе быў створаны праект «Рэфармацыя» ( rfrm.io) – платформа для абмену думкамі аб неабходных рэформах у Беларусі. За некалькі гадоў на ёй былі апублікаваны сотні лонгрыдаў аб неабходных зменах у нашай краіне. Мы супрацоўнічалі з вядучымі беларускімі think-tanks і простай мовай расказвалі пра тыя ідэі, якія маглі б дапамагчы Беларусі стаць сучаснай еўрапейскай дзяржавай.
У 2018 годзе праект пераехаў на дамен Reform.by і ператварыўся ў паўнавартаснае медыя з навіннай рэдакцыяй, рэпарцёрамі, аддзелам расследаванняў. Мы працягнулі размаўляць з вядучымі экспертамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы аб будучыні рэгіёна і Беларусі як неад'емнай часткі еўрапейскай супольнасці. Нашая рэдакцыя правяла дзесяткі важных і гучных расследаванняў: пра гібрыдны ўплыў Расіі, міграцыйны крызіс на межах ЕС, дзейнасць спецслужбаў у беларускай дыяспары, абыход санкцый з боку беларускіх уладаў.
Да жніўня 2020 г. Reform.by з'яўляўся адным з самых папулярных грамадска-палітычных медыяў Беларусі. Штодзённа сайт наведвалі сотні тысяч беларусаў, калі рэдакцыя апынулася ў эпіцэнтры падзеяў, якія разгарнуліся пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Нашых журналістаў затрымлівалі, адпраўлялі ў ІЧУ.
Улетку 2021 года пад пагрозай крымінальнага пераследу рэдакцыя пакінула Беларусь. У жніўні 2021 г. сайт Reform.by быў заблакаваны ў Беларусі, а ў лютым 2022 г. – заблакаваны ці песімізаваны ва ўсіх папулярных у беларусаў расійскіх сэрвісах. Штодзённая аўдыторыя сайта скарацілася больш як у 10 разоў. Цяпер мы кампенсуем гэтае падзенне развіццём праекту на альтэрнатыўных платформах.
15 красавіка 2024 года ААЦ адабраў у рэдакцыі дамен Reform.by. Праект працягнуў працу па новым адрасе - Reform.news.
Рэдакцыя
Мы змаглі хутка аднавіць працу, ніводзін супрацоўнік Reform.news не сеў у турму. З 2021 года каманда працуе з Варшавы як рэдакцыя ў выгнанні. У штаце Reform.news усяго 10 чалавек - менеджэры, рэдактары, журналісты.
Кампактны штат дазваляе абнаўляць падрабязную, унікальную і аператыўную стужку навін, пісаць аўтарскую аналітыку для стэйкхолдэраў, праводзіць інтэрв'ю і расследаванні, сачыць за культурнымі падзеямі, і нават ствараць некалькі унікальных прадуктаў для YouTube і TikTok. Мы выпускаем спецпраекты аб гендэрнай роўнасці,грамадзянскай супольнасці, палітычнай гісторыі Беларусі і бачанні дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
Reform.by рэгулярна займае высокія пазіцыі ў рэйтынгу маніторынгу Media IQ па выкананні стандартаў інфармацыйнай журналістыкі. У рэдакцыйнай палітыцы мы абапіраемся на факты і аналітыку.
У чэрвені 2023 г. рэдакцыя Reform.news стала адным з лаўрэатаў прэміі ў галіне свабоды СМІ Free Media Awards 2023 за «асвятленне сітуацыі ў Беларусі ў асабліва складаных умовах».
У 2024 годзе галоўны рэдактар Reform.news стаў лаўрэатам прэміі Кшыштафа Міхальскага для беларускіх журналістаў у выгнанні.
У канцы 2024 года галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка стаў «Журналістам года-2024» па версіі Прэміі праваабарончага таварыства Беларусі.
У верасні 2025 года рэдакцыя Reform.news атрымала дзве ўзнагароды ў конкурсе "Вольнае слова".
