Калісьці менавіта "меланхолія" лічылася хваробай. Сёння часцей выкарыстоўваюць тэрмін «дэпрэсія», а «меланхоліяй» ва ўжытку называюць проста сумны, маркотны настрой.
Хандраваць ці сумаваць - гэта гэтак жа натуральна для чалавека, як радавацца. Кожны з нас перыядычна апускаецца ў гэты стан па розных прычынах. На думку Сяргея, тут можна знайсці шмат рэсурсаў для прадуктыўнай творчасці. Досыць толькі пасябраваць з меланхоліяй, дазволіць ёй быць побач і… назіраць. Астатняе зробяць навык глядзець і бачыць.
Фатаграфіі Сяргея Міхаленкі здаюцца простымі і няўлоўна знаёмымі. Яны пра сузіранне, цішыню, спакой і, магчыма, адзіноту чалавека ў вялікім свеце. І ўсё ж яны пра жыццё. Пра прыгажосць прасторы, пра розныя формы быцця, і заўсёды - пра важнасць пражывання моманту тут і цяпер.


