Алена Пратасевіч / Беларусь
# PERFECT BODY (хэштэг ІДЭАЛЬНАЕ ЦЕЛА)
На працягу 6 месяцаў я даследавала рэсурс Ebay, раздзел «Фатаграфічныя выявы». Ebay з’яўляецца самым вялікім рэсурсам у свеце па продажу фатаздымкаў (рэальных аб’ектаў), ад дагератыпаў да аматарскай (вернакулярнай) фатаграфіі. Дасылаючы просты запыт # PERFECT BODY, я штодзённа збірала візуальны лічбавы архіў, які ў выніку склалі больш за 200 фотавыяваў, што існуюць у інтэрнэце ад некалькіх гадзін да некалькіх месяцаў і знікаюць назаўжды пасля продажу. Прадаўцы (калекцыянеры, уладальнікі вінтажных крамаў, уладальнікі аматарскіх архіваў і проста выпадковыя прадаўцы) самі выстаўлялі выявы пад назвай «Ідэальнае цела», я была толькі складальніцай архіва. Абіраючы выявы для экспазіцыі, я кіравалася маім суб’ектыўным уяўленнем аб візульнай прывабнасці той ці іншай выявы, што не мае нічога агульнага з маімі ўласнымі ўяўленнямі аб ідэальным целе.
Складанне гэтага архіва мела для мяне выключна даследніцкую цікавасць, пры гэтым я не ставіла за мэту атрымаць у выніку якуюсьці тыпалогію, візуальную дыяграму альбо класіфікацыю – мне было важней зразумець, чаму людзі адносяць той ці іншы фатаздымак да катэгорыі «ідэальнае цела», убачыць прыкметы, па якіх яны называюць выяўленае цела ідэальным. Ідэал, па вызначэнні, гэта найлепшы стан якойсьці з’явы, агульнапрыняты і агульназразумелы стандарт, пры гэтым зусім непрыдатны да чалавечага цела – настолькі паняцце «ідэальнае цела» выяўляецца абмежаваным часам, месцам і проста адзнакай назіральніка. У рэшце замест стандарта мы атрымліваем набор суб’ектыўных меркаванняў, тым не менш справядлівых для канкрэтнага чалавека ў канкрэтны момант часу.
Верагодна, “ідэальнасць” цела, альбо яго найлепшы стан, вызначаецца тымі функцыямі, якія мы хочам, каб яно выконвала. Цела як інструмент для выжывання, і тады ідэальнае цела – гэта бездакорна працуючы механізм. Цела як эстэтычная адзінка, і тады ідэальнае цела – гэта максімальна выражаныя формы, рэльеф цягліцаў, усе бачныя воку цялесныя часткі і атрыбуты, даведзеныя да дасканаласці. Цела як сэксуальны аб’ект, і тады ідэальнае цела – гэта цела, якое дэманструе даступнасць позай, выгібамі, паваротам галавы, жэстамі. Ці лічым мы, што з’яўляемся сваім целам, або мяркуем, што ў нас ёсць цела, у любым выпадку цела аказваецца найважнейшым аб’ектам для самаідэнтыфікацыі.Сабраны мной архіў сцвярджае гэту важнасць і дэманструе адрозненні ў адносінах людзей да “ідэальнага” цела, як да свайго – у мадэлей на фатаздымках, гэтак і да чужога – у ўладальнікаў фатаздымкаў, у момант распазнавання якасцей ідэальнага цела ў выяве, альбо надання выявы гэтымі якасцямі.
2015
Фота: Siarhiej Ždanovič