Сутыкнуўшыся з новай краінай і культурай, аўтарка праекту звяртаецца да традыцыйнага арнаменту, каб спытаць: з чаго менавіта я складаюся?
Асновай працы стаў фрагмент дывана, вытканага бабуляй аўтаркі. Гэты дыван, што займае цэнтральнае месца ў інсталяцыі, быў неад’емнай часткай дзяцінства Кацярыны i цяпер зрабіўся спосабам аднавіць сувязь з сям’ёй, дзяцінствам і спадчынай.
Мастачка пераняла майстэрства вышывання ад маці. Пратыкаючы паперу іголкай, каб стварыць арнамент, яна разважае аб напружанасці ў адносінах паміж маці і дачкой, а таксама чалавекам і яго радзімай.
У экспазіцыі ёсць і фатаграфія бабулі. Калi аўтарка праекту ад’язжала да Польшчы, яна планавала, што падарожжа будзе кароткатэрміновым, але вярнуцца на радзіму так і не ўдалося. Тым часам у бабулі быў дыягнаставаны рак, і яна памерла. Аўтарка не змагла развітацца як мае быць, што надае працы адчуванне няскончанасці.
У якасці развіцця праекта аўтарка бачыць, як арнамент праяўляецца ў выглядзе плакатаў ці налепак у яе новым горадзе. Гэта спосаб абазначыць прастору і зрабіць яе крыху больш сваёй.












